Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Эксперты пояснили, что стоит за требованием Путина о создании в Украине «временного правительства» под эгидой ООН
  2. У Літве дасталі з балота машыну, адкуль зніклі чацвёра амерыканскіх вайскоўцаў
  3. «Працаваць праз Zoom і іншыя „небеларускія“ рэсурсы будзе нельга». Чыноўнікі ўзяліся за яшчэ адну катэгорыю работнікаў — падрабязнасці
  4. Трамп разозлился на Путина и угрожает ему санкциями на российскую нефть
  5. Для кіроўцаў увялі змяненне — цяпер яны праз яго ў «пастцы». У сітуацыю просяць умяшацца Нацбанк
  6. «Гэта дакладна быў Андрэй». «Люстэрку» паведамілі, што экс-мужа зніклай спікеркі КР і дзвюх яе дачок бачылі ў Нясвіжы, — паспрабавалі праверыць
  7. Секреты партнерства: большое расследование New York Times раскрыло истинный масштаб американской помощи Украине
  8. Не только Бондарева. В ИВС за «экстремизм» оказался еще один сторонник Лукашенко
  9. Лукашэнка прызначыў Караева кіраваць Гродзеншчынай
  10. Топ-5 першакрасавіцкіх розыгрышаў, якія ўдаліся занадта добра
  11. Доллар лихорадит от Дональда Трампа: каких курсов ждать в начале апреля? Прогноз по валютам
  12. Мобильные операторы вводят изменения и предупреждают, что нужно совершить одно действие — иначе автоматически подключится новая услуга
Читать по-русски


/

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі вывучыў паказанні пацярпелых ад гвалту супрацоўнікаў міліцыі пасля жніўня 2020 года і склаў свой «антытоп». Ініцыятыва апублікавала даследаванне, у якім вылучыла трох найбольш жорсткіх супрацоўнікаў ГУБАЗіК. «Люстэрка» спытала пра гэтых людзей у былых сілавікоў.

Сотрудники ГУБОПиК на одном из судов. Минск, 2021 год. Фото: TUT.BY
Супрацоўнікі ГУБАЗіК на адным з судоў. Мінск, 2021. Фота: TUT.BY

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі — спецпраект арганізацыі «Прававая ініцыятыва», заснаваны разам з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі.

Падчас цяперашняга даследавання чальцы камітэта падрабязна вывучылі задакументаваныя паказанні 27 пацярпелых ад дзеянняў беларускіх сілавікоў пасля жніўня 2020 года. Яны вылучылі імёны і прозвішчы канкрэтных выканаўцаў злачынных загадаў, а таксама тых, хто гэтыя загады аддаваў.

«Жорсткі, яго баяцца падначаленыя»

Намесніка начальніка трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК палкоўніка Аляксандра Алексу праваабаронцы называюць «ключавой фігурай у сістэме рэпрэсій».

Паводле інфармацыі BELPOL, Алексу 46 гадоў. Ён родам з Оршы, скончыў Акадэмію МУС. Паводле інфармацыі на сярэдзіну 2021 года, ён валодаў трохпакаёвай кватэрай на 72 «квадраты» ў Мінску. Мужчына жанаты, яго жонка працавала бухгалтаркай у прыватнай будаўнічай кампаніі. У Аляксея ёсць 23-гадовая дачка. Пра бацькоў сілавіка ў BELPOL звестак няшмат — вядома, што яны пенсіянеры.

Паводле інфармацыі Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў, з 2020 да 2024 года намеснік начальніка 3-га ўпраўлення кіраваў аперацыямі па затрыманнях, фабрыкаваў абвінавачанні, ажыццяўляў рэпрэсіі супраць грамадзянскіх актывістаў. Як сцвярджаецца ў справаздачы, Алекса падчас допытаў катаваў і запалохваў затрыманых, а таксама здымаў «пакаяльныя» відэа з імі.

Александр Алёкса. Фото: база BELPOL
Аляксандр Алекса. Фота: база BELPOL

Праваабаронцы адзначаюць, што супрацоўнікі ГУБАЗіК, якімі кіраваў Алекса, падчас затрыманняў і допытаў выкарыстоўвалі асноўную тактыку — фізічны гвалт. Гэта ў тым ліку збіццё дубінкамі, выкарыстанне электрашокераў, удары па целе нагамі і кулакамі, састрыганне валасоў і гэтак далей.

«Усё ў крыві было. Я ім: „Лепш дабіце адразу“. Зайшоў іх галоўны (Алекса. — Заўв. рэд.) і сказаў: „Зрабіце так, каб ён пачаў гаварыць“. Той, які тоўсты, пачаў нацягваць на дубінку прэзерватыў і расказваць, як і куды мне яе зараз засунуць…» — прыводзяць аўтары даследавання словы аднаго з пацярпелых.

«Білі дубінкамі па нагах, прымушалі стаяць на каленях у ледзяной вадзе. Алекса назіраў за ўсім гэтым і паказваў, куды біць. Па спіне там, нагах, рэбрах»", — сцвярджаў яшчэ адзін затрыманы.

Пры гэтым, паводле звестак BELPOL, на сярэдзіну 2021 года Алекса праходзіў пацярпелым па шасці крымінальных справах па арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады).

З гэтым супрацоўнікам падчас службы не раз сутыкаўся экс-супрацоўнік ГУБАЗіК і кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў. Паводле яго, да 2020 года той працаваў з футбольнымі фанатамі і анархістамі.

— Люта іх ненавідзеў, асабліва анархістаў, — успамінае былы сілавік. — Прыкладна ў 2008−2009 годзе ён прыйшоў ва ўпраўленне. Потым стаў фактычна правай рукой тагачаснага начальніка трэцяга ўпраўлення Міхаіла Бедункевіча. Як кіраўнік эфектыўны, жорсткі, яго баяцца падначаленыя. Агульнае ўражанне ў мяне адмоўнае: чалавек не выклікае прыхільнасці. Нічога добрага пра яго сказаць не магу.

Здание ГУБОПиК в Минске. Фото: TUT.BY
Будынак ГУБАЗіК у Мінску. Фота: TUT.BY

У ГУБАЗіК да 2020-га не прынята было абмяркоўваць палітыку, адзначае Азараў. Кажа, супрацоўнікі займаліся барацьбой са злачыннасцю. Але па Алексу, лічыць суразмоўца, было відаць, што ён «адданы рэжыму, Лукашэнку» і на той момант начальніку ўпраўлення Мікалаю Карпянкову.

— Ён жа яшчэ займаўся Марфай Рабковай (каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ «Вясна», затрыманая ў жніўні 2020-га, атрымала 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі за праваабарончую дзейнасць. — Заўв. рэд.). Яна была яго ідэфікс, ледзь не на ўсіх нарадах я чуў гэтае прозвішча, — успамінае ён.

«Не мог знайсці сябе ў нармальнай працы, але знайшоў у збіцці людзей»

Другі ў спісе — падпалкоўнік Валерый Высоцкі. Гэта старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах першага аддзела трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК. Паводле звестак BELPOL, мужчыну 40 гадоў, ён нарадзіўся ў Віцебску.

Валерий Высоцкий. Фото: база BELPOL
Валерый Высоцкі. Фота: база BELPOL

Высоцкі жанаты, у яго ёсць сын і дачка. Яго жонка звязаная з сілавымі структурамі. Паводле звестак на сярэдзіну 2021 года, працавала старшай інспектаркай інспекцыі па справах няпоўнагадовых у Савецкім РУУС Мінска. Званне — маёр міліцыі. Сваёй маёмасці на той момант у сям'і не было.

Маці Высоцкага памерла. Бацька Валянцін раней працаваў у сельскагаспадарчай арганізацыі «Белая ліпа», што ў Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. А таксама быў судзімы — у 2017 годзе яго прызналі вінаватым у хабары (ч.1 арт. 430 і ч. 2 арт. 430 КК), крадзяжы маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 210 КК), занясенні ілжывых звестак у афіцыйныя дакументы з карыслівых меркаванняў (ч. 1 арт. 427 КК). Мужчыну асудзілі на пяць гадоў калоніі, маёмасць канфіскавалі і забаранілі на пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі.

Як успамінае Аляксандр Азараў, Высоцкі прыйшоў у ГУБАЗіК у 2017 годзе, яго ўзялі ў аддзел Алексы. Да гэтага ён быў оперупаўнаважаным у Савецкім РУУС Мінска.

— Непісьменны, кепска праводзіў распрацоўкі, — дзеліцца ўражаннем Азараў. — Увесь час на ўсіх нарадах яго падымалі, заслухвалі, каралі. І нават калі прыйшоў тэрмін яму атрымліваць падпалкоўніка, гэтага звання не далі за дрэнную працу.

Усё змянілася ў 2020 годзе, кажа кіраўнік BYPOL. Высоцкі тады паказаў сваю стараннасць у здушэнні пратэстаў.

— Высоцкі ж побач бег з Карпянковым, з дубінкай, біў пратэстоўцаў лепш за ўсіх таварышаў па службе. Такім чынам яму далі падпалкоўніка, так ён атрымаў падвышэнне, — адзначае экс-сілавік. — Ён не мог знайсці сябе ў нармальнай працы, але знайшоў у збіцці людзей. Здаровы, моцны, высокі — сіла ёсць.

Николай Карпенков во время инициированного им нападения на кафе в ценнтре Минска, после окончания многотысячного марша против фальсифиукаций во время президентских выборов, Минск, 6 сентября 2020 года. Фото: TUT.BY
Мікалай Карпянкоў падчас ініцыяванага ім нападу на кавярню ў цэнтры Мінска, 6 верасня 2020 года. Справа на заднім фоне ў чырвоным — Валерый Высоцкі. Фота: TUT.BY

Паводле інфармацыі Міжнароднага камітэта па катаваннях, з 2020 года Высоцкі таксама каардынаваў арышты, допыты і масавыя затрыманні па палітычных матывах. У тым ліку ўдзельнічаў у прыняцці рашэнняў што да выкарыстання катаванняў супраць нязгодных з рэжымам.

Паводле звестак праваабаронцаў, сілавік актыўна ўзаемадзейнічаў з АМАПам, арганізоўваючы сумесныя аперацыі па здушэнні пратэстаў. Акрамя таго, ён асабіста прысутнічаў на допытах. Паводле паказанняў пацярпелых, Высоцкі і яго падначаленыя збівалі людзей (у тым ліку дубінкамі) і выкарыстоўвалі электрашокер.

Праваабаронцы адзначаюць, што мужчына асабіста ўдзельнічаў у пагромах, якія ГУБАЗіК арганізаваў пасля ператрусаў у кватэрах затрыманых па «палітычных» справах. Адзін з пацярпелых апісваў, як Высоцкі разламаў яго ноўтбук на дзве часткі і ўдарыў адной з іх па камодзе.

«У камеры мы ўсе былі моцна збітыя. Высоцкі некалькі разоў прыходзіў, пытаў, ці не хачу я пагаварыць з ім. Гэта было на фоне знявагаў і здзекаў. Я чуў, як ён камандаваў іншымі супрацоўнікамі, каб тыя збівалі нас далей, пакуль мы не „паразумнеем“», — успамінаў адзін з затрыманых.

«Ён (Высоцкі. — Заўв. рэд.) сказаў мне, што я ніколі больш не ўбачу сваю сям’ю, што я знікну, мяне пахаваюць удалечыні ад усяго і ўсіх. Пасля гэтага мне на галаву надзелі мяшок і заявілі, што зараз застрэляць», — расказваў іншы.

«Працаваў нармальна, раскрываў злачынствы»

Спіс самых жорсткіх замыкае намеснік начальніка першага аддзела трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК падпалкоўнік Іван Тарасік. Паводле звестак BELPOL, яму 41 год, ён мінчук, скончыў Акадэмію МУС. Жанаты, ёсць сын.

Жонка Тарасіка на сярэдзіну 2021 года не працавала вось ужо шэсць гадоў. Да гэтага яна была цырульніцай. На той момант ніякай маёмасці ў пары не было. У той час бацька сілавіка працаваў начальнікам участка на МАЗе, маці была загадчыцай крамы-кулінарыі.

Иван Тарасик. Фото: база BELPOL
Іван Тарасік. Фота: база BELPOL

Паводле Аляксандра Азарава, Тарасік прыйшоў у ГУБАЗіК у 2013−2014 годзе. Да гэтага служыў у раённым аддзеле Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

— Тарасік займаўся супрацьдзеяннем сэксуальнай эксплуатацыі ў Мінску. Ён быў у маім аддзеле, — успамінае суразмоўца. — Працаваў нармальна. Камунікаваў з людзьмі, вербаваў агентуру і гэтак далей. Раскрываў злачынствы. Прадказаць, што ён будзе рабіць нешта такое цяпер, было немагчыма. Палітыкай мы ніколі не займаліся і не абмяркоўвалі.

Як адзначаюць праваабаронцы, сярод сілавікоў у Тарасіка рэпутацыя «жорсткага афіцэра». З 2020 года ён актыўна ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць апазіцыянераў і грамадзянскіх актывістаў. Так, мужчына кіруе затрыманнямі, выкарыстоўвае катаванні падчас допытаў і заахвочвае гэта, запалохвае затрыманых і іх сем'і і арганізоўвае здымкі «пакаяльных» відэа.

Фото: TUT.BY
Начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў з супрацоўнікамі на акцыях пратэсту ў верасні 2020 года. Фота: TUT.BY

Падчас затрыманняў, якімі кіраваў губазікавец, з людзьмі часта абыходзіліся жорстка. Іх збівалі дубінкамі, кулакамі, выкарыстоўвалі электрашокер, трымалі ў позе «ластаўкі» і на расцяжцы. Таксама людзям пагражалі сэксуалізаваным гвалтам і расправай над блізкімі. Пры гэтым Тарасік праходзіў пацярпелым па шасці крымінальных справах толькі на сярэдзіну 2021 года. Як удакладнілі ў BELPOL, гаворка ідзе таксама пра артыкул 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).

Між тым вось што казалі пра Івана Тарасіка пацярпелыя:

«Яны трымалі мяне ў падвале, падключылі электрашокер да пальцаў і білі токам, пакуль я не сказаў што яны хочуць. Я страчваў прытомнасць некалькі разоў», — успамінаў адзін з затрыманых.

«Супрацоўнік, якога звалі Іван (маецца на ўвазе Тарасік. — Заўв. рэд.), падышоў да мяне з усмешкай: „Ты зламалася? Не? Тады пачакай — праз пару гадзін дакладна зламаешся“», — расказвала беларуска.

«На допыце супрацоўнікі ГУБАЗіК паказвалі фота маіх дзяцей. Адзін з іх, якога звалі Тарасік, пагражаў, што я іх больш не ўбачу. Мяне прымусілі агаварыць калегаў», — прызнаваўся другі пацярпелы.

«У мяне былі зламаныя рэбры. Я папрасіў доктара, але Тарасік сказаў, што я мушу прывыкнуць да болю, раз абраў гэты шлях», — апісваў сваё затрыманне трэці.

Чытайце таксама